ЗЕРНЕАЧЫШЧА́ЛЬНА-СУШЫ́ЛЬНЫ КО́МПЛЕКС,

комплекс машын і абсталявання для пасляўборачнай апрацоўкі (ачысткі, сушкі, сартавання) зерня. Ўключае зернеачышчальны агрэгат (складаецца з аўтамабілеразгрузчыка, зернеачышчальных машын папярэдняй і першаснай ачысткі, трыераў, норый і інш.) і шахтавыя (часам барабанныя) зернесушылкі з зернеправодамі.

З.-с.к. можа дадаткова камплектавацца бункерамі актыўнага вентыліравання, машынамі другаснай ачысткі, пнеўматычнымі сартавальнымі сталамі і інш. Машыны комплексу злучаны ў адзіную лінію і кіруюцца дыстанцыйна з цэнтр. пульта. Ачышчанае і высушанае зерне, адходы паступаюць у бункеры, адкуль выгружаюцца ў аўтамабілі; насеннае зерне дадаткова ачышчаецца і сартуецца машынамі другаснай ачысткі і пнеўматычнымі сартавальнымі сталамі, пратраўліваецца. Прадукцыйнасць комплексу да 50 т/гадз.

т. 7, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)